У мінулую суботу, 26 чэрвеня, адбыўся аўтапрабег па тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка ў рамках праекта "Старонкі памяці: гістарычныя ўрокі", які стартаваў у маі гэтага года. Арганізатарам праекта выступіла ДУ "Бягомльскі музей народнай славы" пры падтрымцы адміністрацыі ДПУ "Бярэзінскі біясферны запаведнік".
Удзельнікі мерапрыемства праехалі па значных тэрыторыях ваеннай гісторыі запаведнага краю: наведалі памятны абеліск каля маста праз р. Бярэзіну на дарозе Лепель – Бягомль, брацкую магілу партызан брыгады “Жалязняк” у в. Крайцы і месца размяшчэння ў ваенныя гады падземнага шпіталя гэтай партызанскай брыгады паблізу вёскі Саўскі Бор.
Акрамя таго, дырэктар Бягомльскага музея народнай славы Таляронак А.М. перадала ў Бярэзінскі біясферны запаведнік копіі ўспамінаў пра запаведнік Героя Савецкага Саюза Манковіча Сцяпана Сцяпанавіча – ураджэнца в. Беразіно, сакратара Бягомльскага падпольнага райкама партыі, камісара партызанскай брыгады “Жалязняк”, сталая база якой знаходзілася на тэрыторыі запаведніка. Па ўспамінах, С.С. Манковіча, ён «працаваў некалькі гадоў» у Дамжарыцкім сельсавеце, а ў в. Крайцы пражываў яго стрыечны брат, «які працаваў у запаведніку заг. гаспадарчай часткі». Імем Манковіча названа адна з вуліц г.п. Бягомль, а яго бюст устаноўлены ля Бягомльскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна.
«Мы даведаліся, што рухаюцца немцы ў асноўным па магістралі Бягомль – Лепель. На шляху часта спыняюцца на ноч у такіх вёсках, як Рожна, Ствольна, якія знаходзяцца блізка каля магістралі. Часам заязджаюць у в. Домжарыцы, хоць яна знаходзіцца ў 5 км ад магістралі. Я спытаў у брата, што яны зрабілі з жывымі экспанатамі, якія знаходзіліся ў іх у в. Крайцы. Да вайны ў запаведніку, дакладней у навуковым цэнтры запаведніка, былі ўсіх відаў звяры, заселеныя ў лясах запаведніка, усе высакародныя жывёлы і птушкі як сухапутныя, так і вадзяныя. Было ўжо некалькі пар навучаных ласёў, на якіх ездзілі зімой і летам. Пахомчык сказаў, што інжынер Карпенка ўсіх загадаў выпусціць на волю» – піша С.С. Манковіч у сваіх успамінах аб знаходжанні ў запаведніку.
Разам з супрацоўнікамі Бярэзінскага запаведніка і Бягомльскага музея, а таксама карэспандэнтамі Сталічнага тэлебачання і газеты "Віцебскія весці", па месцах баявой славы праехаліся сваякі партызан і школьнікі разам з бацькамі. Бо так важна, каб не перарвалася сувязь пакаленняў, а памяць аб вялікіх подзвігах нашых продкаў перадавалася дзецям.
Фатаграфіі Т.Н. Шафаровіч
Паглядзець рэпартаж пра гэта ў праграме «Тыдзень» на СТВ, можна ТУТ.