Партызанскімі сцежкамі перамогі і памяці

Напярэдадні восені у Бярэзінскім запаведніку адбыўся двухдзённы веласіпедны маршрут ”Партызанскімі сцежкамі памяці” прымеркаваны да 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У паходзе прынялі ўдзел прадстаўнікі спартыўнага клуба “Бярэзінскія мядзведзі” пад кіраўніцтвам спецыяліста аддзела турызма Аляксея Багаўца і сябры пошукавага клуба “Слабадскія  следапыты” Слабадской сярэдняй школы імя М.М. Пшонкі  на чале з настаўнікамі Валерыем Тухтам і Алінай Аўферонак. Маршрут працягласцю 65 кіламетраў прайшоў  праз мясціны, што  былі сведкамі барацьбы і мужнасці партызанаў, самаахвярнасці мірных жыхароў.

У весцы Кветча юныя краязнаўцы наведалі помнік, усталяваны на месцы гібелі жыхароў вёскі Пастрэжжа, якіх загубілі фашысты летам 1943 года падчас карнай аперацыі Котбус. Наступны прыпынак каля помніка загінулым партызанам і чырвонаармейцам у в. Крайцы і далейшы шлях — у глыб запаведніка. Ва ўрочышчы Могілкі, якое знаходзіцца за 2 кіламетры ад былой вёскі Пастрэжжа на месцы прарыву блакады партызанамі ў ноч з 18 на 19 чэрвеня 1943 года, ўсталявана скульптурная кампазіцыя – партызан з аўтаматам. Таксама тут знаходзіцца некалькі брацкіх магіл, у якіх спачываюць партызаны, якія загінулі падчас прарыву блакады.

Наконадні сёлетняга Дня Перамогі работнікі запаведніка правялі рэканструкцыю зямлянкі, ў якой хавалі падчас блакады параненых партызанаў. Цяпер і турысты могуць у поўнай меры адчуць, наколькі складана было захаваць сілу духу і выстаяць у тую ліхую гадзіну медыцынскаму персаналу падземнага шпіталю. Далей маршрут пралёг да вёскі Саўскі бор, на ўскрайку якой знаходзяцца партызанскія могілкі, і далей у лес, ва ўрочышча «Маліннік», дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся партызанскі шпіталь брыгады “Жалязняк”.

Маршрут «Сцежкамі перамогі» мае вялікі патэнцыял для развіцця ваенна-гістарычнага турызму ў Бярэзінскім запаведніку. Ён дазваляе не толькі пазнаёміцца з гісторыяй краю, але і адчуць прыгажосць прыроды, заняцца актыўным адпачынкам.

Наши партнеры